Са спрадвечных часоў у гісторыі чалавецтва рэкі выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах, у тым ліку, як шляхі зносін. Днепра-Бугскі водны шлях - найстарэйшая ў Еўропе водная магістраль, якая злучае басейны Чорнага і Балтыйскага мораў. Ідэя злучэння Дняпра з Віслай праз Прыпяць і Заходні Буг паўстала ў другой палове 17 стагоддзя, аднак ад прапановы і да яго ажыццяўлення прайшло больш за 100 гадоў.

У 1775-1783 гадах паміж рэкамі Піна і Мухавец быў прарыты канал, які атрымаў назву Каралеўскі. Для забеспячэння канала былі пабудаваны водасілкавальныя сістэмы Белаазёрская і Арэхаўская. Так з'явіўся Днепра-Бугскі водны шлях. Трохі пазней (у XIX стагоддзі) першапачатковая траса воднага шляху зведала змены - быў пабудаваны іншы выраўнаваны канал з палепшанымі габарытамі суднавага ходу - Днепра-Бугскі, пасля чаго «выраўнаваная» частка Каралеўскага канала стала ажыццяўляць толькі функцыю пропуску паводкавых вод і ўдзельнічаць у водазабеспячэнні суднаходнага канала. Для праходжання судоў па канале былі пабудаваны (разборныя) драўляныя суднаходныя плаціны. Усяго да 1867 года ад Пінска да Брэста былі пабудаваны і эксплуатаваліся 22 плаціны. Шырыня па дне шляху была даведзена да 14 м, а максімальная асадка судоў складала 70 см. У такім выглядзе Днепра-Бугскі водны шлях служыў у асноўным для пропуску плытоў з усходу на захад і нешматлікіх судоў падчас вясновых паводак, якія даходзілі да Варшавы.

У 1919 годзе тэрыторыя канала апынулася ў складзе другой Рэчы Паспалітай. Усведамляючы значнасць воднага шляху Польскі ўрад пачаў яго рэканструкцыю і з 1929 па 1939 гады былі пабудаваны два бліжэйшыя да Пінска шлюзы (Дубай і Пераруб), рэканструяваны збудаванні Белаазёрскай ВСС і збудавана 7 км канала па новай трасе Кобрын-Выгада. У 1939 годзе пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР канал апынуўся на тэрыторыі СССР. Савецкі ўрад ацаніў яго ролю і аднаўленне Днепра-Бугскага воднага шляху было даручана Народнаму камісарыяту рачнога флоту СССР. Усяго за 7 месяцаў са снежня 1939 па ліпень 1940 года, былі праведзены пошукі, праектаванне і асноўнае будаўніцтва васьмі гідравузлоў, пракладзена новая траса канала Выгада-Кобрын, якая скараціла працягласць воднага шляху на 12 км. У жніўні 1940 года Брэсцкі рачны порт прымаў першы караван судоў, які прыбыў па абноўленым канале.

Напад фашысцкай Германіі ў 1941 годзе спыніў навігацыю на канале. Аднак немцы хутка пачалі выкарыстоўваць канал у сваіх мэтах. Па дадзеных Галоўнага ўпраўлення Чырвонай Арміі ў навігацыю 1942 года немцамі было перавезена па канале 200 тысяч тон грузаў. Вясной 1943 года партызанамі былі ўзарваны шлюзы, і канал быў выведзены са строю.

Па загадзе Народнага камісара рачнога флоту СССР №226 ад 1 жнiўня 1944года для аднаўлення воднай магістралі былі створаны спецыяльныя Ваенна-аднаўленчыя атрады, на базе якіх па Загаду Міністэрства рачнога флоту СССР №149 ад 1 лiпеня 1946 года быў створаны Днепра-Бугскі тэхнічны ўчастак шляху. З гэтага моманту адлічвае сваю гісторыю РУЭБП «Днепрабугводшлях», які ў 2016 адзначыў 70-гадовы юбілей.

На працягу ўсяго перыяду водны шлях пастаянна перажываў змены, як жывы арганізм, пастаянна ўдасканальваў сябе, з яго развіццём павялічвалася прапускная здольнасць. Першапачаткова на водападзельным участку для разыходжання сустрэчных судоў былі ўладкаваны пашырэнні-раз'езды. Ручны механічны прывад шлюзаў быў заменены на электрамеханічны, драўляныя створкі варот заменены на металічныя і г.д.

У перыяд з 1952 года па 1956 гады былі пабудаваны ў жалезабетонным выкананні і здадзены ў эксплуатацыю гідравузлы №11 «Качановічы» Пінскага раёна і №12 «Стахава» Столінскага раёна.

У 1976 годзе згодна з пастановай Савета Міністраў БССР №169 ад 28.05.76 года былі пачаты работы па капітальным паляпшэнні габарытаў рэчышча канала (шырыня па дне 40м, глыбіня 240 см, радыус закруглення 400 м). У перыяд з 1978 па 1991 гады было вынята 17.58 млн.м.куб. грунту і рэканструявана 240 км воднага шляху.

Пачынаючы з 90-х гадоў за кошт уласных сродкаў прадпрыемства і бюджэтнага фінансавання былі рэканструяваны і пабудаваны водапрапускныя збудаванні: плаціна гідравузла № 10 «Трышын», плаціна гідравузла № 9 «Навасады», вадаспуск гідравузла № 6 «Кобрын», плаціна «Выгада» і вадаспуск «Ветлы», што дазволіла вырашыць праблему пропуску паводкі па Днепра-Бугскім водным шляху. Пастаянная работа з водапрапускнымі збудаваннямі забяспечвае выгадны гідраўлічны ўзроўнены рэжым на зарэгуляваным ўчастку воднага шляху. Забяспечваецца пастаянны прыём паводкавых вод з прылеглых зямель, у тым ліку і з Украінай праз Белаазёрскую ВСС, Днепра-Бугскім водным шляхам, які з'яўляецца магістральным водапрыёмнікам, і адвод іх, прадухіляючы тым самым затапленне значных тэрыторый Палесся. У межанны перыяд падтрыманне пастаянных праектных узроўняў забяспечвае стаянне грунтавых вод і стварае спрыяльныя ўмовы для вегетацыі раслін прылеглых зямель.

Да 1990 года грузавыя перавозкі дасягалі ў асобныя гады 2 мільёны тон. Развал Савецкага Саюза і СЭУ прывёў да імклівага скарачэння аб'ёмаў перавозак грузавым рачным транспартам.

У 1997 годзе кіраўніцтвам РБ была прынята праграма развіцця рачных і марскіх перавозак да 2010 года і рэканструкцыя гідратэхнічных збудаванняў Днепра-Бугскага канала. У 1998 годзе была распачата рэканструкцыя гідравузла № 9 «Навасады». Пры праектаванні і будаўніцтве шлюза былі ўлічаны патрабаванні еўрапейскага стандарту ўнутраных водных шляхоў класа Vа. Была прыменена докавая канструкцыя шлюза, што дазволіла паменшыць аб'ём зліўной прызмы камеры шлюза з 4750 м3 да 3658 м3. У выніку зменшыўся аб'ём вады на шлюзаванне. Пры рэканструкцыі шлюза была павялічана глыбіня залажэння парога з 1.8 м да 2.4 м, што дазволіла павялічыць асадку шлюзуемых саставаў. Павялічылася даўжыня камеры шлюза з 89 да 120 м, а шырыня з 11.2 м да 12.7 м. Ужыванне новых канструкцый засавак галоў шлюза і памяншэнне аб'ёму зліўной прызмы дазволіла скараціць час напаўнення і апаражнення камеры шлюза з 16 да 6.5 хвілін. Недаўгавечныя драўляныя канструкцыі шлюза былі заменены на бетон і жалезабетон. Механічны прывад шлюза заменены на гідраўлічны. Шлюз быў прыняты і здадзены ў эксплуатацыю ў кастрычніку 2003 года.

За перыяд з 2003 года па 2015 год, да аналагічных параметраў еўрапейскага стандарту ўнутраных водных шляхоў класа Vа рэканструяваны яшчэ 4 гідравузлы: №1 "Дубай" у Пінскім раёне (2006 год), № 10 «Трышын» у г. Брэсце (2012) і гідравузел №8 «Залузье» Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці (2015), а таксама праведзена рэканструкцыя гідравузлоў № 6-7 «Кобрын» з заменай двух нізканапорных суднаходных шлюзаў на адзін сярэдненапорны (2009 год). Такім чынам была цалкам завершана рэканструкцыя суднаходных гідратэхнічных збудаванняў Заходняга схілу Днепра-Бугскага канала. У сапраўдны момант вядуцца работы па рэканструкцыі збудаванняў на Усходнім схіле: будаўнічыя работы па рэканструкцыі суднаходнага шлюза гідравузла №3 «Рагадашч» Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці плануецца скончыць у 2 квартале 2019 года.

На цяперашні дзень Днепра-Бугскі водны шлях - гэта не толькі суднаходная артэрыя, якая злучае басейны двух мораў. За больш чым двухсотгадовы перыяд ён набыў стратэгічнае значэнне, стаў гарантам экалагічнай бяспекі ўсяго Палескага рэгіёна ў цэлым. З ім звязваюць сваю жыццядзейнасць прылеглыя гарады, фермерскія гаспадаркі, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, санаторыі і рыбгасы. Па ім адкрываюцца шырокія магчымасці развіцця турызму: па лініі Рэспубліка Польшча-Рэспубліка Беларусь - Украіна з наведваннем такіх гістарычных месцаў, як крэпасць-герой Брэст, найстаражытныя гарады беларускага Палесся Пінск, Тураў, сталіца Старажытнай Русі Кіеў, а таксама наведванне захаваных месцаў некранутай прыроды Палесся запаведнікаў «Прыпяцкі» і «Званец».

На сённяшні дзень наспела вострая неабходнасць развіцця воднага шляху, як шляху міжнароднага значэння. Згодна Еўрапейскага пагаднення аб важнейшых унутраных водных шляхах міжнароднага значэння ад 19 студзеня 1996 г. Днепра-Бугскі водны шлях з'яўляецца часткай магістральнага воднага шляху Е-40 (ад Гданьска праз Пінск да Херсона), аднак гэты шлях не дзейнічае на ўсім працягу, бо ўчастак ад Брэста да Варшавы па рацэ Заходні Буг несуднаходны.

З 2014 года адноўлена работа па праекце аднаўлення воднатранспартнага злучэння E-40. У рэалізацыі праекта прымаюць удзел органы мясцовай улады, дзяржаўныя прадпрыемствы і грамадскія арганізацыі з Беларусі, Польшчы і Украіны. Большую частку фінансавання для ініцыятывы прадастаўляе Еўрапейскі Саюз.

У перыяд 2013-2015 гг. пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза быў рэалізаваны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Аднаўленне магістральнага воднага шляху Е-40 на ўчастку Днепр-Вісла: ад стратэгіі да планавання». У рамках праекта было распрацавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне аднаўлення воднага шляху Е-40 на ўсім працягу.

Паўнавартасна функцыянуе водная магістраль E-40 .Яна дасць магчымасць Беларусі, Украіне і Польшчы пашырыць свае экспартныя магчымасці, прыцягнуць інвестыцыі ў будаўніцтва лагістычных цэнтраў, а таксама развіваць круізны турызм па адной з самых маляўнічых беларускіх рэк - Прыпяці. Шлях можа стаць новым гандлёвым маршрутам паміж партамі Балтыйскага і Чорнага мораў і дазволіць перавозіць да 6 мільёнаў тон грузу ў год.

Адкрыццё навігацыі на Днепра-Бугскім канале, 1940 год

Земляныя работы ўручную (участак Селішча-Выгода)

Земляныя работы ўручную Днепра-Бугскім канале

Вадаспуск на гідравузле №4 «Оўзічы», Іванаўскі раён

Днепра-Бугскі канал на ўчастку Ляхавічы – Оўзічы

Будка ўпраўлення на суднаходным шлюзе гідравузла №8 «Залузье», Жабінкаўскі раён

Днепра-Бугскі канал на ўчастку Селішча–Выгода

Верхняя галава суднаходнага шлюза на гідравузле № 10 «Трышын», г. Брэст

Аднаўленчыя работы на гідравузле №2 «Пераруб», Іванаўскі раён, 1944г.

Днепра-Бугскі канал на цяперашні час

0
/
0